ВДНК або дзiця шасці бацькоў
Сёння на «Першаку» адбылася з’ява сусветнай значнасці, фігуральна кажучы: выдаюцца два гурты, якія на космасе сабаку з’елі. На ўнутраным, вядома. Сустракайце: сумесны спліт-рэліз рэтрафутурыстычнага «Громыки» і сюрэалістычнай «Кассиопеи».
Калі Савецкі Саюз накрыўся вечкам, макаўка ўлады – чарнабровыя мальцы на чале з партрэтам Андрэя Андрэевіча Грамыкі – дыслакаваліся падалей ад Зямлі ў адкрыты космас, каб нарэшце спакойна заняцца любімай справай: насупваннем броваў пад цяжкія рамонсавыя рыфы і піліканнем на электроннай валынцы – стылафоне (ад слова «стыль»).
Там пасля некалькіх светлавых гадоў і выпітых парсекаў яны натыкнуліся на апошніх коміваяжораў міжзоркавай харобрасці і буфанады, якія працягвалі на мове музыкі трансляваць становішча ў сузор’і Касіяпея для нашчадкаў Грамазекі і птушкі Гаваруна. У выніку энергіі перакрыжаваліся, астранаўты абмяняліся касмічнымі цюбікамі – і нарадзіўся спліт (не блытаць са спліфам).
Прадстаўляем вашай увазе сплаўленае, як сырок «Дружба», сумеснае пасланне з шасці трэкаў ад расійскага «Громыки» і беларускай «Кассиопеи», дзе першыя дзве кампазіцыі – гэта класічныя хіты «Говорил я вам» і «Если», другія дзве – перакрыжаваныя на іх каверы, і яшчэ дзве – цалкам новыя песні «Майский жук» ад «Кассиопеи» і «Сердца частица» ад «Громыки». Налятай!
Слухаць «Громыка» & «Кассиопея» - ВДНК на Першаку.
А зусім хутка, 10 снежня, гэты самы спліт можна будзе пачуць жыўцом.
- 5 декабря 2016
-
nevr