Блоги → Литература → 

«Макулатура» - адзіны андэграўндны часопіс на Беларусі

Размова са стваральнікамі  першага часопіса беларускае прозы пісьменнікам Сяргеям Календам і  мастачкай Васілісай Палянінай-Календай

- Вітаю, сябры! А ці не раскажаце мне пра свой часопіс? Што такое «Макулатура» і як вы да яе прыйшлі?
- «Макулатура» - гэта наш часопіс, ён цалкам вольнамастацкі і непадцэнзураны. Прыйшлі мы да яго ў 2012 годзе разам з Васілісай, маёй жонкай і галоўным мастаком часопіса, - адказвае Сяргей. -  Да гэтага часу ў мяне былі ідэі стварыць нешта падобнае, але не было ніякіх штуршкоў, а вось ужо разам з Васілісай, стварыўшы тандэм у жыцці і мастацтве, мы дадумаліся да «Макулатыры».

- Слова «макулатура» у нас, постсавецкіх дзяцей, асацыіруецца з непатрэбнай паперай, якую трэба некуды здаць. Чаму ты выбраў такую адштурхваючую для пісьменнікаў назву?
- «Макулатура» - назва, якая нас вельмі забаўляе, бо пісьменнікі павінны здаваць свае творы літаральна ў макулатуру, што само по сабе з'яўляецца мастацкім актам, сваеасаблівым пэрформансам. Мы лічым, што гэта файна, калі пісьменнік знаходзіць свае тэксты такімі не вартымі, што проста здае іх у макулатуру, як смецце.
З іншага боку, у абмен на макулатуру можна было атрымаць кнігі, як гэта было пры Савецкім Саюзе. А яшчэ «Макулатура» - гэта апошні раман Букоўскага, які так і называўся - «Макулатура».
- Я ведаю, Сяргей, што ты не толькі стваральнік і галоўны рэдактар часопіса, але яшчэ і самастойны пісьменнік. Нават, два пісьменнікі. Навошта ты вырашыў стварыць гэты часопіс? Каб быў яшчэ адзін напрамак для твайго пісьменніцкага таленту?
- Насамрэч тое, што я займаюся літаратурай, ніяк не спалучаецца з «Макулатурай». Мая творчасць ідзе іншым шляхам, наўмысным крокам было падваенне асобы, але пра гэта можна іншым разам распавесці...
Як маё пісьменніцтва спалучаецца з «Макулатурай»? Ніяк не спалучаецца, бо «Макулатура» - гэта адбор тэкстаў, гэта цяжка, гэта занудна, і часта вельмі не хочацца, таму што адбіраць тэксты і чытаць такую процьму рэчаў  часта няма ні часу, ні жадання.
- Якую частку дасланых тэкстаў вы адсейваеце?
- Адсейваецца дакладна каля 75% .
- А якім чынам гэта адбываецца?
- Спачатку я сам праглядаю ўсе тэксты, і тыя тэксты, якія зусім нічога не вартыя, я адсейваю. А ўжо тыя тэксты, што праходзяць мой асабісты «фільтр», дасылаюцца нашым так званым «штатным» пісьменнікам, якія іх вычытваюць, ставяць балы ад 1 да 10, і такім чынам тэкст, набраўшы  «прахадны бал» трапляе на старонкі «Макулатуры».
- Дык а навошта, увогуле, вам гэтая «Макулатура»?
- Мне хацелася, каб у Беларусі была свая альтэрнатыва літаратуры, так званы літаратурны «андэграўнд», бо шмат тэкстаў, якія да нас даходзяць, не праходзяць цэнзуру ў іншыя часопісы, альбо ўвогуле не друкуюцца нідзе. Нам хацелася стварыць альтэрнатыву часопісам, якія ўжо існуюць.
- Дзе вы знаходзіце пісьменнікаў для свайго часопісу? Ці яны самі знаходзяць вас?
- Вельмі часта яны самі лістуюць нам. То бок, кожны нумар мае свой асабісты мэйл, у нас ёсць свой сайт, праз які шмат хто на нас выходзіць, ёсць суполкі ў сеціве...Часта дапамагае тое, што пры падрыхтоўке наступнага нумара мы выбіраем агульную тэму, робім абвестку ў суполцы і, дзякуючы рэпостам, да нас далучаюцца новыя людзі, новыя пісьменнікі і мастакі.

- Галоўнае для нашай краіны пытанне: дзе вы знаходзіце грошы для выдавецтва? Ці ёсць нейкія таемныя спонсары?
- Мы з Васілісай адкладаем грошы з нашых заробкаў. Некалькі разоў мы спрабавалі скарыставацца інвестарамі, але ў нас атрымаўся вельмі кепскі досвед. На адзін з нумароў мы сабралі грошы праз Facebook, і на апошні нумар мы сабралі грошы прз краўдфандынгавую пляцоўку «Ulej».
Мы - «Макулатура» - цалкам валанцёрскі праэкт, які нічога не зарабляе, здолелі праіснаваць да 10-га нумару і паглядзім, што будзе далей.

- Васіліса з'яўляецца галоўным дызайнерам «Макулатуры» і, адначасова, тваёй жонкай . Ці не бывае ў вас спрэчак з-за розных бакоў позірку на тое, як павінен выглядаць часопіс? І як гэта, ўвогуле, ужывацца разам двум творчым людзям?
- Спрэчкі наконт выгляду «Макулатуры», рэдактуры часопісу, вёрсткі і г.д. у нас кожны месяц, кожны дзень і кожную гадзіну, - смяецца Сяргей. - Усё ж такі мы застаемся разам не гдледзячы на спрэчкі. Насамрэч, разам працаваць цяжка. Было б лягчэй, калі б мы не былі сям'ёй, тады...
- Тады я б, напэўна, ужо даўно сыйшла з праэкту, - жартуе Васіліса.
- Не, проста я б тады не патрэбаваў ад Васілісы некаторых рэчаў, калі б у нас былі толькі рабочыя стасункі. Вакол «Макулатуры» у нас заўсёды такіе жарсці разварочваюцца. Але мне гэта падабаецца.
- Ужо падабаецца? - здзіўляецца Васіліса.
- Мне заўсёды гэта падабалася, - у вусы ўсьміхаецца Сяргей.
- На дадзены момант выйшла ўжо 9 нумароў часопіса, усё пад рознымі назвамі: «Вольнамастацкая», «Славянская», «Украінская» і г.д. Як вы вырашаеце, якая «Макулатура» будзе наступнай?

- Спачатку мы не планавалі ніякіх назваў. Першы нумар ніяк не называўся, проста «Макулатура». Другі стварыўся «Скоцкім» - у ім было ўсё на тэму Шатляндыі. «Скоцкім» мы яго назвалі, таму што нам хацелася пагуляцца словамі з Міхалком «...ня быць скотам», усе адразу за гэта зачапіліся, а потым ужо ўглядзелі, што гэта пра Шатляндыю. Дарэчы, шатляндцы самі сабе называюць «скотамі» (ад ангельскага: scot — шатляндец, заўв. рэд).
Не скажу, што гэта назва з'явілася выпадкова: Шатляндыя — гэта маё дзяцінства, мае мары, гэта маё першае падарожжа за мяжу ўвогуле.
Трэцяй выйшла «Макулатура. Без галавы», названая паводле тэксту нашага пісьменніка ў гэтым нумары Андрэя Пакроўскага.
Чацьверты нумар «Дзённікі па Англіі», ён стаў ангельскім і, нават, у яго прэзентацыі нас падтрымаў амбасадар Брытаніі ў Беларусі.

Карацей кажучы, назвы некаторых нумароў мы абвяшчаем загадзя і падбіраем тэксты па тэме, а ў іншыя разы бывае так, што ёсць такія яскравыя тэксты, што яны самі падганяюць назву пад сябе, як адбылося з «Макулатурай. Без галавы».
Асабістым нумарам стаў для нас девяты - «Вольнамастацкі», таму што было вырашана збіраць на яго грошы праз краўдфандынг і зрабіць нешта вельмі цікавае. Напрыклад, перанесці працу мастакоў у прастору гораду.
- Не проста на прастору гораду, а па-за межы сваёй зоны камфорту, - удакладняе Васіліса.
- Калі не сакрэт, якім будзе наступны нумар «Макулатуры»?
- Дзесяты нумар будзе незвычайным, эксклюзіўным сярод «Макулатур»: гэта будзе не фармат А4, як усе ўжо прывыклі, гэта будзе каробачка, з 12 маленькімі кніжачкамі. У кожнай з кніжачак будзе адзін тэкст, з ілюстрацыямі ад аднаго мастака.
- Сяргей, скажі мне, як пісьменнік, ці лічышь ты, што нашым людзям, беларусам, патрэбна літаратура? У асобнасці, сучасная літаратура? Ці не бывае ў цябе думак, што ты робішь усё гэта дарэмна?
- Гэта штодзённая думка, - смяецца Васіліса.
- Я бачу, што гэта нікому не патрэбна, сапраўды. Гэта хутчэй патрэбна нам — мне, Васілісе, мастакам, якія ілюстрыруюць «Макулатуру», пісьменнікам, якіх толькі ў «Макулатуры» друкуюць. Але для нас паказчык, наколькі гэта цікава людзям, а людзям нецікава нічога. І гэта відавочна. Але мы будзем рабіць наш часопіса далей, бо, чаму не?
Калі браць іншыя Эўрапейскія краіны: Польшчу, Нямеччыну ці Чэхію, у іх часопісаў кшталту «Макулатуры» ад 50 да 80 розных выданняў. У Буларусі  няма ні аднаго выдання, падобнага да «Макулатуры». То бок, канкурэнтаў у нас няма, - смяецца Сяргей.

 

Настасся Кароль. Фота: Васіліса Паляніна-Календа

  • 2 февраля 2016
  • Автор nevr

Статистика

15
2251

Фотогалерея

Полуфинал Bandscan Belarus

7 декабря 2008, "Fabrique"

Фотографии с полуфинала Bandscan Belarus: Детидетей, Серебряная Свадьба, I Love You Baby (Schweden)

  • Автор sart